БЫ́ХАЎСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1979 у г. Быхаў на базе матэрыялаў музея раённай газ. «Маяк Прыдняпроўя». Размяшчаецца на тэр. Быхаўскага замка. Мае 8 экспазіцыйных залаў (пл. экспазіцыі 288 м²), каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: археалогіі, гісторыі Быхаўшчыны ад стараж. часоў, прыроды. Экспануюцца археал. знаходкі (зуб і фрагменты біўняў маманта, каменныя прылады працы і інш.), матэрыялы, прысвечаныя гісторыі Быхаўскага замка, падзеям Паўн. вайны 1700—21, вайны 1812, грамадз. вайны 1918—20, удзелу ўраджэнцаў Быхаўшчыны ў Вял. Айч. вайне. Асобныя стэнды прысвечаны ўраджэнцу раёна маршалу авіяцыі С.А.Красоўскаму, лепшым прадпрыемствам і гаспадаркам раёна, развіццю медыцыны, нар. асветы, культуры і спорту. Аддзел прыроды знаёміць з раслінным і жывёльным светам краю.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)